“Вакзал — адзінае месца, якое нагадвае Еўропу”. Паглядзіце, што напісаў пра Брэст варшаўскі журналіст у канцы XIX стагоддзя
Ведаеце, што аб’ядноўвае сучасных трэвэл-блогераў і тых, хто працаваў 130 гадоў таму? Іх хлебам не кармі, дай пакрытыкаваць. Берасцейскі краявед Яфім Басін перадаў выданню “Вячэрні Брэст” рэпартаж варшаўскага журналіста газеты “Kurjer codzienny”. У 1887 годзе ён прыехаў у Брэст-Літоўск і зрабіў нататкі пра горад з водарам сталічнага жыхара.
Што ўвогуле адбылося?
У 1886 годзе ў Брэст-Літоўску адкрылі вакзал. Ён стаў першым электрыфікаваным вакзалам ва ўсёй Расійскай імперыі. Праз год журналісты вырашылі адправіцца ў вандроўку па новай лініі “Брэст-Літоўск — Хелм” і завітаць, у тым ліку, у цяперашні абласны цэнтр.
І як, спадабаўся вакзал журналісту?
Так. Карэспандэнт напісаў, што вакзал — адзінае месца ў Брэсце, якое нагадвае Еўропу. “Прасторны, раскошны, крыху прысадзісты, але чысты і ўтульны, па-сапраўднаму камфортны, як і прынята гаспадару шасці жалезных дарог”.
А што сказаў журналіст пра крэпасць?
У першы дзень прэс-тура журналісты пабачылі горад мімаходам. Адзначылі, што ўзброены з ног да галавы Брэст-Літоўск ляжыць у абдымках крэпасці, якая можа размясціць армію ў 250 тысяч чалавек.
“Горад раскіданы, як мокрае сена на лузе для сушкі. Хісткія, аднапавярховыя драўляныя дамы ўздоўж ракі. Вочы заўважаюць бастыёны, равы, белыя палаткі, гарматы, салдат, якія маршыруюць пад гукі барабанаў, труб і далёкі грукат гарматаў — там ідзе стральба па мішэнях”. Агульны настрой пасля першага знаёмства з горадам у журналістаў супярэчлівы: бляск вакзала спалучаецца з суровым напружаннем ад відаў крэпасці.
З крэпасцю зразумела. А з горадам што?
Ох, лепш і не пытайце. Тут быццам Варламаў прыехаў носам круціць. Варшаўскі журналіст Брэст называе вялікай вёскай, якая прыкідваецца горадам. Не спадабаліся аўтару і грунтавыя дарогі, па якіх вельмі цяжка хадзіць пасля дажду.
Журналіст прыгадвае перасовачныя звярынцы на плошчах, крамы, і тэатр, дзе ставіць аперэты трупа з Вільні. Нягледзячы на шырокія вуліцы, аўтару хочацца праціснуцца скрозь сцены дамоў і бегчы як мага хутчэй да карэты, якая адвязе назад у Варшаву.
Вось такая “варламаўшчына” ад польскага журналіста 19 стагоддзя. Як вам? Згодныя?