105 гадоў таму беларусы выпусцілі дакументы, якія фіксавалі незалежнасць краіны. Што за яны?

Ведалі, што больш за 100 гадоў беларусы паспрабавалі самі стварыць незалежную дзяржаву? Так, сабраліся дэлегацыяй, зрабілі органы і абвясцілі тры ўстаўныя граматы — галоўныя дакументы Беларускай Народнай Рэспублікі. Вельмі сціпла і коратка распавядаем асноўнае пра гэта.

Давайце з самага пачатку. Што такое БНР?

Беларуская Народная Рэспубліка — часткова прызнаная беларуская дзяржава, якая праіснавала крыху больш за год. Насамрэч, у адным сказе і нават тэксце аб’ектыўна не распавесці пра гісторыю стварэння і падзення БНР. Тэма складаная, балючая і спекулятыўная.

Тым не менш, стварэнне БНР было свайго рода лагічным адказам на перамогу бальшавікоў у Кастрычніцкай рэвалюцыі. Плюс, ішла Першая сусветная Вайна, у якой Расея займала не найлепшае становішча. І пакуль бальшавікі ўсталёўвалі і абвяшчалі ўладу саветаў, у Беларусі нацыянальныя сілы пачалі дзейнічаць.

5 снежня 1917 года ў Менску адбыўся Першы Усебеларускі кангрэс, на які прыехала ажно 1872 дэлегаты ад Смаленшчыны да Беластока. Кангрэс не прызнаў бальшавіцкай улады. У адказ бальшавікі разагналі з’езд. Але гэта не спыніла беларусаў. 20 лютага 1918 года Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езду сфарміраваў Першы Беларускі ўрад на чале з Язэпам Варонкам. Ну і пасля пачалося: абвяшчэнне ўстаўных грамат і, канешне, незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Што за ўстаўныя граматы?

Устаўныя граматы БНР — асноўныя дакументы, якія фіксавалі волю беларусаў датычна сваёй нацыянальна-дзяржаўнай будучыні. Глядзіце самі:

  • 21 лютага 1918 года Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езду звярнуўся да беларусаў з Першай устаўной граматай. У ёй казалася пра тое, што Беларусь у небяспецы і вось-вось краіну могуць заняць нямецкія войскі. Таму Першая ўстаўная грамата заклікала беларусаў здзейсніць сваё права на самавызначэнне, а нацыянальныя меншасці — на аўтаномію. У гэты ж дзень улада ў Беларусі апынулася ў руках немцаў.
  • 9 сакавіка 1918 года камітэт абвясціў Другую ўстаўную грамату. У ёй абвяшчаліся правы і вольнасці грамадзянаў і народаў БНР і непасрэдна сама Беларуская Народная Рэспубліка ў межах рассялення беларускага народа.
  • 25 сакавіка 1918 года была абвешчана трэцяя, асноўная ўстаўная грамата БНР. Яна абвяшчала незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. На землях былой Расейскай імперыі, дзе жыве беларускі народ, абвяшчалася вольная і незалежная дзяржава.

Ну і што было далей?

10 снежня 1918 года Чырвоная армія заняла Менск. Да сярэдзіны лютага 1919 года амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі зноў усталявалася ўлада бальшавікоў. Так, у лістападзе 1920 года паўстаў Слуцкі збройны чын у абарону незалежнасці БНР, але беларускія войскі ў выніку не змаглі доўга супрацьстаяць бальшавікам.

У студзені 1919 года Рада і ўрад БНР пераехалі ў Вільню. Пасля былі яшчэ Горадня і Берлін. 13 снежня 1919 года Рада БНР раскалолася на Найвышэйшую Раду БНР і Народную Раду БНР. Урад БНР не спыніў сваю дзейнасць за мяжой, але амаль ніяк не ўплываў на жыццё унутры краіны.