5 замкаў для важных перамоваў
Зараз лёс краіны вырашаецца ў палацах, а раней усе рашэнні прымалі ў каралеўскіх замках. Трымайце 5 арыгінальных месцаў на выпадак важных перамоваў
Крэўскі Замак
У 1385 годзе тут была падпісана ўнія, пасля якой Ягайла стаў польскім каралём. Калі вам захочацца таксама таксама ўспомніць, што вы кароль свайго жыцця — Смаргонскі раён чакае!
Крэўскі замак вядзе свой жыццяпіс ажно з XIV стагоддзя. Што толькі з ім не адбывалася: абстрэльвалі каменнымі ядрамі, асаджалі і займалі. Усё гэта, канешне, адбілася на знешнім выглядзе архітэктурнага помніка.
Берасцейскі замак
У снежні 1409 года Ягайла і Вітаўт тайна сустрэліся ў замку, каб вызначыць пазіцыі нападу на крыжакоў. Да гэтага часу замак не захаваўся, таму абкашляць пытаннечкі можна, калі што, ў археалагічным музеі «Бярэсце».
Пабудавалі яго яшчэ ў X стагоддзі і ажно да XVI ён заставаўся драўляным, пакуль не быў заменены бастыённымі ўмацаваннямі. Падчас будаўніцтва Брэсцкай крэпасці замак знеслі.
Віскулі
Рэзідэнцыя ў Белавежскай пушчы, дзе разваліўся СССР. Адчуваеце аналогію? Зараз таксама важныя рашэнні прымаюцца ў лясах.
Сваю назву рэзідэнцыя атрымала ад хутара ў Пружанскім раёне. Менавіта тут з 7 на 8 снежня 1991 года сустрэліся кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны, каб зафіксаваць смерць Савецкага Саюза.
Люблінскі замак
У 1569 тут утварылася саюзная дзяржава ВКЛ і Каралеўства Польскага — Рэч Паспалітая. Калі вы захочаце правесці важныя перамовы ў гэтым замку, паабяцайце нам адно: не ўтвараць саюзы, іх і так хапае ў эміграцыі.
Каралеўскі замак пабудавалі ў XIV стагоддзі ў гатычным стылі. У канцы XIX-першай палове XX стагоддзя тут знаходзілася турма. Зараз — музей, у тым ліку і рэпрэсій.
Сядзіба Рэйтанаў
Месца для прынцыповых перамоваў. Такіх жа прынцыповых, як і сам Тадэвуш Рэйтан. А яго фраза: «Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву!» — найлепшы выраз, каб захаваць годнасць падчас важнай сустрэчы.
Знаходзіцца сядзіба ў Грушаўцы — вёсцы ў Ляхавіцкім раёне. Доўгі час сядзіба знаходзілася ў занядбаным стане, але пачалася рэстаўрацыя і палацава-паркавы комплекс паціху зажыў новым жыццём.