“Падрывалі мы не касцёл, а той хто гэта кажа — вырадак”. Як савецкія ўлады знішчылі старажытны храм у цэнтры Горадні

62 гады таму савецкія ўлады ўзарвалі найстаражытнейшы каталіцкі храм Горадні — Фару Вітаўта. Коратка распавядаем гісторыю храма, якая цягнецца ажно з XIV стагоддзя.

Сур’ёзна? З XIV стагоддзя?

Так-так. Больш таго, афіцыйная назва храму — Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. А назву «Фара Вітаўта» прапанаваў гісторык Юзеф Ядкоўскі. Той самы, што стварыў музей у Старым Замку.

Чаму Вітаўта, запытаеце вы? Таму, што самы першы касцёл на гэтым месцы пабудаваў Вітаўт у канцы XIV стагоддзя. І ўжо ў канцы XVI стагоддзя з’явіўся новы храм па заказу Стэфана Баторыя.

Фара Вітаўта была разбурана ажно тры разы. Першы драўляны храм, які з’явіўся ў 1942 годзе згарэў праз сто гадоў. Пасля падчас праўлення Аляксандра Ягелончыка пабудавалі яшчэ адзін драўляны храм. І пасля ўжо побач з драўляным па загаду Стэфана Баторыя пабудавалі новы касцёл. Але і ён перажываў пажары і разбурэнні.

І як яго канчаткова знішчылі?

Фару Вітаўта ўзарвалі 29 лістапада ў 2 гадзіны ночы. Усю падрыхтоўчую работу гарадскія ўлады даручылі мясцоваму батальёну, але падрываць самастойна яны не вырашаліся. Пра падрыў касцёла казаў старшыня камісіі па зносе Уладзімір Тупоўскі:

— Падрывалі мы не касцёл, а той хто гэта кажа — вырадак. Палякі перабудавалі наш праваслаўны сабор у вайсковы касцёл — у жылы дом, можна сказаць. Трэба гісторыю ведаць глыбока. Усё гэта глупства, нават не варта псаваць паперу на гэта. А вуліца Савецкая ж раней была Саборная, бо вяла да праваслаўнага храму. Так што зносілі мы ў 1961 годзе страшыдла, а храм быў раней, і ён быў прыгажуном.

У 2000 і 2001 годзе актывісты ўсталявалі крыж на месцы помніка. Яго нават асвяціў ксёндз. Але неўзабаве крыж знік.