Зміцер Вайцюшкевіч выпусціў альбом на вершы Алеся Разанава

Галоўны краш Беларусі Зміцер Вайцюшкевіч выпусціў новы альбом “Акно”. Ён складаецца з 15 трэкаў, якія пакладзены на вершы паэта і перакладчыка Алеся Разанава.

Мне, канешне, сорамна, але хто такі Алесь Разанаў?

Алесь Разанаў — беларускі паэт з Берасцейшчыны, адзін з самых таленавітых пісьменнікаў XX стагоддзя. У 1969 годзе Разанава адлічылі з БДУ за падпісанне ліста ў кампартыю за аднаўленне выкладання ва ўніверсітэце на беларускай мове.

За Разанава ўпісаліся Максім Танк і Уладзімір Калеснік. Пры іх спрыянні паэт скончыў берасцейскі педінстытут. Працаваў настаўнікам у школе, затым у рэдакцыях літаратурных выданняў.

Вось што пра Разанава казала доктар філалагічных навук Ганна Кісліцына:

“На мой погляд, Разанаў — гэта самы велічны праект беларускай культуры. Праект не ў сучасным значэнні гэтага слова, якое стала атаясамлівацца з фінансамі, а ў першасным. Я ўжо не раз казала, што гэтае слова перакладаецца як «кіданне наперад». Дык вось мне здаецца, што Разанаў — ён таксама закінуты наперадзе свайго часу, і тыя, што жывуць цяпер, не зусім разумеюць веліч чалавека, які знаходзіцца побач з імі”.

А вось што пра Разанава казаў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч:

“Алесь Разанаў – адзіны пісьменнік, які варты Нобелеўскай прэміі. Вядома, што ёсць і іншыя аўтары, але яны яшчэ ўзростам і сваімі заслугамі не дацягваюць да гэтай узнагароды. Разанаў – гэта інтэлектуальная і літаратурная постаць сусветнага ўзроўня, якая шмат зрабіла для беларускай культуры.

Яго творы перакладзены на сусветныя мовы, і калі б нешта трошачкі за мяжой зрабілася інакш, каб у яго было больш сяброў у краінах свету, то, магчыма, мы б мелі зусім іншага Нобелеўскага лаўрэата”.

Аўтары праекту wir.by стварылі адмысловы тэлеграм-канал Razanau, дзе кожны дзень публікуюцца тэксты паэта. Раім падпісацца.

Крута, дзякуй! А пра Вайцюшкевіча нагадайце

Зміцер Вайцюшкевіч — беларускі музыкант і спявак. За сваю кар’еру Вайцюшкевіч паспеў паўдзельнічаць у гуртах “Палац” і Kriwi, але большую папулярнасць яму прынесла менавіта сольная кар’ера.

Паслухаць альбом можна па наступных спасылках: