Цмокі ў Беларусі

Павер’і пра драконаў ёсць не толькі ў славянскай міфалогіі, былі яны і ў Беларусі. Некаторыя перасяленцы расказвалі, што бачылі лятаючага вогненнага змея:

«Мая мама бачыла. Сама бачыла, як ён ляцеў. Як шар агністы. Яны спецыяльна пільнавалі… І проста, кажа, да іх заляцеў у агароджу. І вось гаспадар выйшаў…, пахадзіў у двары. А потым праз некаторы час ляціць, кажа, ужо цёмны-цёмны. Ляцеў і адразу ў свіран. Гэта ён ужо ляцеў з хлебам. Першы раз з малаком, а другі раз ляцеў з хлебам.

Увечары, як зарыва, як зорачка, прылятае. Гэта, гавораць, змей ляціць. У некаторых бярэ, а гаспадару прыносіць. Агнём ляціць – з грашыма. Я чуў, беднаму мужыку насіў хлеба. А ў таго, у якога адбіраў, усё мала і мала. Ён зірнуў – а наверсе сядзіць змей, падсыпае … »

З разказаў вынікае, што ён можа прымаць форму маланкі, стралы, бліскучых зорачак, вогненнага шара.

Таксама можна было вызначыць, што ён нясе: калі белым ляціць — малако, вельмі цёмным — хлеб, вогненным — грошы. Падляцеўшы да гаспадарскага дома, змей рассыпаецца ў гародзе альбо над страхой вогненнымі пырскамі і знікае ў коміне.