У ХVIII стагоддзі на дыскатэках у Беларусі было гарача. А ўсё таму што на танцполах галоўнымі зоркамі былі…

У ХVIII стагоддзі на дыскатэках у Беларусі было гарача. А ўсё таму што на танцполах галоўнымі зоркамі былі… мядзведзі. Ну можа і не зусім на танцполах, і не зусім на дыскатэках. Аднак выраз “Спрытны, як мядзведзь да танцаў” з’явіўся ў тыя часы і хутчэй за ўсё мусіў бы характэрызаваць чалавека як майстра ў харэаграфічным мастацтве.

Дык пра што мы?

Зараз у такое складана паверыць, але ў ХVIII стагоддзі нашы продкі стварылі навучальныя цэнтры для мядзведзяў. Буйнымі цэнтрамі промысла былі Смаргонь і Глыбокае. Пэўна таму што ў густых паўночных лясах шаталася шмат мядзведзяў без справы. Але верагодней праз тое, што гарады былі ва ўладанні таго ж самага магнацкага роду – Зяновічаў.

У кожным з гарадоў пражывала не меней за 15 майстроў гэтай справы. Звычайна іх клікалі медзвяднікамі, а сама з’ява займела назву ў Смаргоні – Смаргонская мядзвежая акадэмія, а ў Глыбокім – Глыбоцкія скамарохі-мядзведнікі

Заснаваныя прыблізна ў XVII ст. школы па дрэсіроўцы ляснога звяр’я дастаткова хутка займелі вялікую папулярнасць і розгалас пра пацешных мядзведзяў даходзіў аж да паўднёвага краю Еўропы. Засталіся звесткі аб тым, што сустрэць павадыроў з вучнямі можна было на кірмашах у Расіі, Венгрыі і Германіі.

Чаму вучылі?

Па выпуску са сваей “навучальнай установы” маладыя спеціалісты мусілі ўмець як мінімум тры рэчы:

  1. Стаяць на задніх лапах і “танцаваць”, калі чулі бубен
  2. Барукацца з іншымі мядзведзямі
  3. Рабіць паклоны для ўдзячных гледачоў.

Дамагаліся гэтага наступным чынам. Маладых мядзведзяў звычайна шукалі па вясне, каб яны толькі паспелі прачнуцца пасля зімовага сну. Далей саджалі ў невялікую клетку, у якой дно звычайна падагравалася. На заднія лапы апраналі лапці, а на пярэднія нічога, каб боль прымушаў іх падымацца і стаяць на дзвух нагах. Звычайна адразу “настаўнікі” пачыналі граць на бубнах, каб захаваць у мядзведзяў рэфлекс. Дзесьці мы гэта ўжо бачылі…

Доўжылася навука па-рознаму. Ад двух месяцаў і ажно да шасці год, залежала ўсё ад здольнасцей вучняў.

Чаму цяпер не пляшуць?

Пасля заняпаду роду Зяновічаў абодва гарады перайшлі ва ўладанне Радзвілаў. Новыя гаспадары актыўна падтрымлівалі і захоўвалі традыцыі. У Глыбокім нават існаваў раёнчык пад назвай „Мядзведзеўка“ альбо „Niedźwiedziówka“.

Фармальна мядзвежы промысел быў забаронены ў 1866 годзе, але заняпад варта лічыць ад паўстання 1830-1831 года. З гэтых часоў мядзведнікі сталі хавацца ад уладаў, праводзіць заняткі падпольна. Не ўсе гатовы былі рызыкаваць і колькасць майстроў-скамарохаў скарачалася, а разам з гэтым і мядзведзяў.

Дзіўная і не да канца даследаванная з’ява стала важнай нават для літоўскіх гісторыкаў. Некаторыя з іх лічаць, што страціўшы асноўны і легальны заробак, глыбоцкія скамарохі рушылі ў бок літоўскага горада Свянцяны (цяпер Швянчоніс). Там яны асвойвалі запаветныя лясы і маглі спакойна працягваць дрэссіроўку лясных “вучняў”

Апошнія згадкі пра медзведнікаў датуюцца пачаткам ХХ стагоддзя. Аднак некалькі векавое існаванне промысла не знікла бясследна. Пабачыць вобраз скамароха і мядзведзя можна ў прадстаўленнях батлейкі, мядзведзь у калядоўшчыкаў таксама з’явіўся не проста так і не адразу. А яшчэ людзі захавалі памяць у выглядзе чорнага мядзведзя ў залатым амброжку – гербе Смаргоні – сталіцы мядзвежай навукі.