Працавалі на плантацыях кавы. Як беларусы эмігравалі 100 гадоў таму

Ведалі, што сто гадоў таму беларусы масава эмігрыравалі ў ЗША, Лацінскую Амерыку і Еўропу? Як і зараз, яны сутыкаліся з дыскрымінацыяй, прадавалі апошняе на радзіме і расчароўваліся. Расказваем, як куды і чаму ехалі беларусы ў міжваенны перыяд. У трох частках расказваем, як куды і чаму ехалі беларусы ў міжваенны перыяд. У другой — пра несалодкае жыццё беларускіх эмігрантаў у Францыі.

Пераязджалі сем’ямі, вырошчвалі каву

Куды прасцей было патрапіць у краіны Лацінскай Амерыкі, якія вылучаліся адносна ліберальным эміграцыйным заканадаўствам. Па законах Лацінскай Амерыкі “непажаданымі замежнікамі” з’яўляліся эмігранты, старэйшыя за 60 год, людзі з інваліднасцю, без прафесіі і сродкаў на існаванне і г.д.

Беларуская даследчыца В. М. Мярчук лічыць, што з 1926 па 1938 гг. у Бразілію выехала 6480 чалавек з тэрыторыі Беластоцкага, Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў.

Бразільскі ўрад стымуляваў пераезд у краіну сем’ямі. Тут падлеткі маглі працаваць на плантацыях кавы ўжо з 13 гадоў.

Так, большасць беларусаў у Бразіліі былі сельскагаспадарчымі работнікамі. Вырошчвалі рыс, чорную фасолю, маніёк і іншыя культуры.

Акрамя Бразіліі, беларусы таксама эмігравалі ў Парагвай і Ўругвай. Першы адрозніваўся самым ліберальным эміграцыйным заканадаўствам сярод краін Лацінскай Амерыкі. Эмігранты ў Парагваі мелі права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне і магчымасць адукацыі на роднай мове.

Уругвай жа не стаў папулярным сярод жыхароў Польшчы, з-за невысокіх заробкаў. У 1920-я гады эмігранты сюды ехалі каб уладкавацца у харчовай прамысловасці ці на будоўлі.

Спрачаліся і далучаліся да іншых дыяспар

Беларускія эмігранты пакрыху стваралі і ўмацоўвалі дыяспару. У канцы 1928 года стварыўся беларускі гурток у Парыжы, у гэтым жа годзе — гурток з 12 рабочых у мястэчку Верпелье. Але нягледзячы на ўздым, беларускія аб’яднанні ў Францыі хутка зніклі. Свае палітычныя няўдачы і пралікі эмігранты тлумачылі па-першае незнаёмствам з умовамі новай і чужой краіны.

Самай актыўнай і значнай арганізацыяй беларускай дыяспары ў міжваенны час стаў “Хаўрус беларускіх работнікаў у Францыі”. Арганізацыю стварылі ў Парыжы, а яе філіялы дзейнічалі ў Віянкуры, Марселі, Эльзасе, Нордзе, Ліёне, Гардзе і г.д.

У ЗША дыяспара таксама не была зашмат актыўнай. Прадстаўнікі палітычнай хвалі эміграцыі намагаліся кансалідаваць беларусаў, пашырыць кірункі іх дзейнасці. Але беларусы часта траплялі пад уплыў рускай ці польскай дыяспары, што было звязана з дзейнасцю касцёла і праваслаўнай царквы.

Была ў дыяспары і свая прэса. Больш за тое, артыкулы публікавалі на расейскай мове, каб прыцягнуць увагу беларусаў, якія прыехалі ў ЗША ў пачатку XX стагоддзя. Сярод газет і часопісаў амерыканскіх беларусаў можна назваць: «Праўда» (Нью-Йорк), «Амерыканскі беларус» (Чыкага), «Беларуская трыбуна» (Чыкага).

Палітычнае жыццё беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах Амерыкі ў міжваенны час было слабым. Амбіцыі, барацьба за ўладу і ўплыў не павялічвалі папулярнасць і палітычную актыўнасць беларусаў. Прадстаўнікі эканамічнай эміграцыі з Заходняй Беларусі часта далучаліся да дзейнасці іншых славянскіх дыяспар.