Археолагі знайшлі ў Крэўскім замку трэцюю вежу. Вось чаму гэта важнае адкрыццё

Ох, рабяты, якую класную знаходку знайшлі на днях археолагі ў Крэва. Падчас раскопак даследчыкі знайшлі падмурак трэцяй вежы Крэўскага замку. А гэта азначае, што структура будынку была больш складанай, разгалінаванай і больш функцыянальна насычанай.

Пачакайце, а колькі вежаў тады было?

Раней меркавалася, што Крэўскі замак мае ў плане трапецыю з дзвюма вежамі па вуглах. Але некалькі дзён таму меркавання змянілася, бо падчас раскопак знайшлі падмуркі трэцяй вежы.

Кандыдат гістарычных навук і кіраўнік раскопак Алег Дзярновіч паведаміў, што гэта вельмі важнае адкрыццё і для гісторыі Крэўскага замка, і для гісторыі пачатку мураванага абарончага дойлідства Вялікага Княства Літоўскага.

— На сёння я магу пэўна сказаць, што мы знайшлі трэцюю вежу Крэўскага замка. Гэта вялікі падмурак шырынёй пад два метры. Больш таго, з дапамогай калег нам удалося падняць матэрыялы польскага міжваеннага абследвання і на іх таксама пазначаны рэшткі тых пабудоў, якія мы можам сёння інтрэрпрэтаваць як вежы.

Мы маем меркаванне, што побач з гэтай вежай магла быць яшчэ адна трэцяя брама. І цяпер нам зразумела, чаму гэты кут быў так зруйнаваны. Праўдападобна, што як раз тут войскі Свідрыгайлы прарваліся ў 1433 годзе пад час штурму замку, — паведаміў археолаг.

Дзякуючы адкрыццю высветлілася, што структура Крэўскага замка была больш складанай, разнагалінаванай і больш функцыянальна насычанай. Як адкрыццё паўплывае на рэканструкцыю замка — сказаць цяжка. Але Дзярновіч лічыць, што зараз неабходна закансерваваць і музеіфікаваць знойдзенныя падмуркі трэцяй вежы.

Крэўскі замак быў пабудаваны ў XIV стагоддзі. У 1382 годзе па загаду Ягайлы ў замку быў задушаны яго дзядзька вялікі князь Кейстут. Праз тры гады, у 1385 годзе, Вялікае княства Літоўскае і каралеўства Польскае тут падпісалі Крэўскую ўнію.

Крэўскі замак вельмі моцна быў пашкоджаны падчас Першай сусветнай вайны. Падчас абстрэлаў асабліва моцна пацярпела Княжацкая вежа і сцены ў паўднёвай частцы замка.

Зараз у Крэўскім замку адбываецца кансервацыя, рэстаўрацыя і археалагічныя даследаванні.