Хто першы, той лепшы. Як Міндоўг стаў каралём Вялікага княства Літоўскага

Ведалі, што сёння Літва адзначае беларускае свята? Уся справа ў тым, што 770 гадоў таму князь Міндоўг стаў першым і апошнім каралём Вялікага княства Літоўскага. Да-да, сам папа Рымскі даў дабро на такую авантуру! Вялікі князь Міндоўг паступова і метадычна ішоў да сваёй мэты. Спачатку далучыў Навагародскую зямлю, што фактычна стала пачаткам утварэння Вялікага княства Літоўскага.

У 1251 годзе Міндоўг прымае каталіцтва, каб перацягнуць у саюзнікі Лівонскі ордэн. Бо паходы на Наваградак і Панямонне ў той час — не паходы Прыгожына на Маскву і неслі сапраўдную небяспеку для маладой дзяржавы.

Далейшым крокам інтэграцыі з Заходняй Еўропай стала прыняцце каралеўскага тытула. 6 ліпеня 1253 года прайшла цырымонія са ўсёй урачыстасцю. У Рыгу прывезлі папскія булы з дазволам на каранацыю, зрабілі дзве кароны з каштоўнымі камянямі (адна для Міндоўга, другая для яго жонкі). А вось дзе дакладна праходзіла каранацыя — невядома. Магчыма, у Наваградку.

Міндоўг не быў бы палітыкам, калі б не захацеў каранаваць не толькі сябе, а яшчэ і аднаго са сваіх сыноў. Папа Аляксандар IV выказаў сваю згоду адпаведнай булай ад 6 сакавіка 1255 года. Найверагодней, меўся на ўвазе сын Рукль. Адбылася каранацыя ці не — невядома, ніякіх звестак аб ёй не захавалася.

У 1260 годзе Міндоўг скасаваў дамову з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцтва. Восенню 1263 года першага караля ВКЛ забілі. Міндоўг стаў ахвярай змовы жамойцкага князя Траняты і нальшанскага князя Даўмонта.