“Паэтаў няма, калі няма ворагаў”. У тэлеграме з’явіўся канал, прысвечаны дзённікавым запісам Рыгора Барадуліна.

Хаціце больш даведацца пра Рыгора Барадуліна, але ад “Вікіпедыі” ужо ванітуе? Мы зрабілі тэлеграм-канал “Барадулін на кожны дзень”, дзе дзелімся трапнымі дзённікавымі запісамі паэта.

Так, нагадайце хто такі Рыгор Барадулін

Рыгор Барадулін — беларускі паэт і адзін з самых яркіх пісьменнікаў Беларусі. Нарадзіўся на Віцебшчыне 24 лютага 1935 года і ўсё сваё жыццё захапляўся роднай Ушаччынай.

Творчасць і жыццё паэта — сумесь трапнага гумару, вострага пачуцця любові да роднага краю і, канешне, пратэсту. Глядзіце самі: у школе паэт збег падчас запісу ў піянеры, так і не стаўшы ўладальнікам чырвонага гальштуку.

Барадулін моцна сябраваў з Уладзімерам Караткевічам, якога неаднаразова прыгадвае ў сваіх дзённіках. Караткевіч, у сваю чаргу, прысвяціў яму сваю аповесць “Ладдзя Роспачы”, напісаную ў 1964 годзе.

Барадуліна настолькі ўсе любілі і шанавалі, што нават расейская кампанія “Яндэкс” на 85-годдзе паэта ў 2020 годзе змяніла свой лагатып, паставіўшы літару “Я” на апошняе месца. Пад лога кампанія размясціла радкі з верша паэта: «Той, хто якае зашмат, ставіць сам сябе назад».

У 1992 годзе Рыгору Барадуліну прысвоілі званне народнага паэта. У 2006 годзе зборнік вершаў паэта “Ксты” стала падставай для намінацыі на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Памёр Барадулін 2 сакавіка 2014 года.

І што, Барадулін вёў дзённікі?

І яшчэ як! Як пачаў яшчэ школьнікам (першыя запісы на рускай мове), дык было не спыніць, не разбіць, не стрымаць.

У дзённіках Барадулін занатоўваў свае думкі, дзяліўся паўсядзённым і страляў трапнымі думкамі. Жартаваў пра Караткевіча, прызнаваўся ў каханні і адкрываўся простым і шчырым чалавекам.

Тэлеграм-канал“Барадулін на кожны дзень” выбірае самае сакавітае з дзённікаў і два разы на дзень даносіць гэта да аўдыторыі.