Прадавалі маёмасць, каб купіць квіток на параход. Як беларусы эмігравалі 100 гадоў таму
Ведалі, што сто гадоў таму беларусы масава эмігрыравалі ў ЗША, Лацінскую Амерыку і Еўропу? Як і зараз, яны сутыкаліся з дыскрымінацыяй, прадавалі апошняе на радзіме і расчароўваліся. У трох частках расказваем, як куды і чаму ехалі беларусы ў міжваенны перыяд. У першай — пра перадумовы эміграцыі і амерыканскі досвед.
Першая палітычная эміграцыя
Не паверыце, але сто гадоў таму на характар і памеры палітычнай эміграцыі паўплывала палітыка савецкай улады. З-за прыходу да ўлады саветаў у Беларусі пачалася першая арганізаваная палітычная эміграцыя. Ядро яе склалі ўрад і вайсковыя фарміраванні Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), кіраўніцтва партыі беларускіх эсэраў і інш (Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, Т.3, ст.327).
А вось на працоўную эміграцыю ў міжваенныя часы (1921-1939 гады) добра так паўплывалі і ўлады Польшчы, пад кіраўніцтвам якой знаходзілася Заходняя Беларусь. Цяжкае эканамічнае становішча, нацыянальны і рэлігійны ціск і вось 180-250 тысяч чалавек пераязджаюць у Канаду, ЗША, Францыю, Літву, Латвію, Бразілію, Аргенціну (дадзеныя з 1921 па 1939 год).
З’язджалі людзі і з Савецкай Беларусі. У 1924 і 1925 годзе замежны аддзел НКУС выдаў адпаведна 1658 і 1787 пашпартоў на выезд за мяжу. Беларусы сярод іх складалі 10-15%, астатнія былі яўрэі, рускія, палякі і інш. Але хутка лавачку па выезду з БССР прыкрылі. Ужо ў 30-я гады выезд з краіны амаль спынілі: няма чаго распальваць варожасць да савецкай улады ў капіталістычных краінах.
Затое ўнутраная эміграцыя — калі ласка. У 1926-1938 годзе з БССР, насельніцтва якой складала каля 5 мільёнаў чалавек, у іншыя рэгіёны савецкага саюза выехала каля 617 тысяч чалавек. У пераважнай большасці гэта былі сяляне.
Каб купіць квіткі на карабель у ЗША, прадавалі маёмасць
З’ехаць у эміграцыю як і зараз, так і сто гадоў было вельмі няпроста. Возьмем, напрыклад, ЗША, якія сталі адной з асноўных краінаў міжваеннай эканамічнай эміграцыі беларусаў.
Амерыканскаму ўраду патрэбны былі ў эміграцыі выключна здаровыя і адукаваныя людзі. Таму, каб трапіць у ЗША, беларусам у той час патрэбна было падаць у амерыканскае консульства:
- Пісьмовую заяву
- Пасведчанне пра месца пражывання за апошнія 5 гадоў
- Пасведчанне маральнасці
- Даведку з месца працы ці пасведчанне пра шлюб
- Пасведчанне аб нараджэнні
- Даведку пра медычны агляд урачамі карабельнай лініі
Таксама ў консульствах ЗША супрацоўнікі рабілі дадатковую праверку граматнасці і здароўя жадаючых выехаць. Хворым на туберкулёз, эпілепсію, людзям з псіхічнымі захворваннямі дазвол на пераезд не выдавалі.
Кожную справу консульства разглядала падрабязна і індывідуальна. Часцяком грамадзян Польшчы (у тым ліку і беларусаў) прасілі даказаць, што яны маюць патрэбную суму грошаў для пераезду і здольныя сябе ўтрымліваць у ЗША. Як гэта знаёма, праўда?
Калі кандыдатура адпавядала ўсім патрабаванням, чалавеку выдавалі амерыканскую візу. Канешне, у ЗША ехала далёка не шляхта, часта беларускія эмігранты з’яўляліся малазямельнымі сялянамі. І ехалі яны за мяжу, каб уладкавацца там на цяжкую і малааплочваемую працу, якая ўсё роўна прыносіла больш грошай, чым гаспадарка на радзіме.
Часта для таго каб аплаціць квіткі на карабель у ЗША, беларусы прадавалі маёмасць і гаспадарку. Кошты на маёмасць беларусаў збівалі агенты, бо ў гаспадароў не заўсёды быў час для гандлю.
Ускладняў эміграцыйны шлях у ЗША і “закон Дзілінгхема”, які быў прыняты ў 1921 годзе і ўвайшоў у гісторыю пад назвай “закон квоты”. Галоўная ідэя дакумента — устанаўленне штогадовай колькасці эмігрантаў у ЗША.
Увядзенне квот паўплывала на эміграцыю ў Амерыку. Былі выпадкі, калі карабель з людзьмі прыбываў у ЗША, а квота за месяц ужо была вычарпана. Тады пасажыры чакалі наступнага каляндарнага месяца на палубе.