Кар’ерная лесвіца ад Льва Сапегі і абарона ўласных межаў ад Усяслава Чарадзея. Як бы выглядаў гараскоп ад гістарычных асобаў Беларусі

Верыце ў гараскопы? Але якая розніца, калі мы падрыхтавалі для вас першую частку прагнозу ад крутых гістарычных дзеячоў. Шукайце сябе, а калі не знайшлі — не сумуйце, хутка мы выпусцім другую частку.

Усяслаў Чарадзей (Леў)

Падрыхтуйцеся абараняць свае межы. Гэта будзе цяжка. Вам прыйдзецца не толькі даваць адпор, ае і наступаць. Гэта дасць свой плён. Вы пашырыце свой уплыў на наваколле так хутка, што большасць людзей не павераць такой трансфармацыі і назавуць вас чарадзеем.

Ніна Мацяш (Вагі)

Вы творчы чалавек, які валодае некалькімі замежнымі мовамі. У моманце адчаю, калі вам падсца, што ўсё дарма: вы атрымаеце буйны кантракт на пераклад раманаў сусветна вядомага пісьменніка. А далей поспех прыйдзе і да вашай уласнай творчасці.

Леў Сапега (Овен)

Вас чакае імгненны кар’ерны рост, а разам з ім і высокая адказнасць. Вы будзеце прымаць важныя рашэнні на працы, ад якіх будзе залежыць будучыня вашай кампаніі. Хутчэй за ўсё вы станеце зоркай і асобай, якая ўвайдзе ў гісторыю. Але для гэтага трэба шмаць працаваць і ісці на кампрамісы.

Бона Сфорца (Вадалей)

Як чалавека з агромністым запасам энергіі і рэсурса вас чакаюць новыя вяршыні. Гэта датычыцца як прафесійнага, так і асабістага жыцця. Патэнцыяльныя партнёры будуць з’язджаць з глузду пры адным вашым позірку, але вас гэта ўсё не цікавіць. Бо вашыя ўласныя амбіцыі — перадусім.

Янка Купала (Рак)

Падрыхтуйцеся да глыбокага экзістанцыйнага крызісу. Вас чакаюць пытанні, ад якіх проста так не збегчы. Хто вы гэткі, чаго хочаце ў жыцці — прыйдзецца думаць і вырашаць. Чаго вы хочаце: хлеба/cолі, ці зямлі/волі, а можа ўсяго адразу? Думайце, гэта дасць вялікі штуршок да самаідэнтыфікацыі.

Эмілія Плятэр (Скарпіён)

Усё ваша жыццё — барацьба, таму і далей вас чакае спаборніцтва за свабоду, роўнасць і братэрства. Радзіма для вас — не пусты гук і прыгожае слова з падручніка. Таму рыхтуйцеся да цяжкай барацьбы за лепшую будучыню для сваёй зямлі, нават у тыя часы, калі ў яе ніхто не верыць.