Задумалі як нацыянальны праект, а ў выніку не выйшаў у пракат. Распавядаем пра фільм “Купалу”, які з’явіўся ў сеціве, але не ў кінатэатрах

Памятаеце, як летам усе навокал абмяркоўвалі “Барбігеймер”? Cпрачаліся, што лепей: “Барбі” ці “Опенгеймер” і зусім забыліся на тое, што фільм “Купала” так і не выйшаў у пракат. Сцісла распавядаем трагічную гісторыю кінастужкі.

Ну і што за “Купала”?

Фільм Уладзіміра Янкоўскага пачалі здымаць у 2018 годзе. Здымалі адразу ў некалькіх гарадах: Менску, Вільні, Маскве і Санкт-Пецярбургу. Бюджэт стужкі склаў $1,5 мільярды даляраў.

Праца над фільмам пачыналася феерычна. Міністэрства культуры задумала «Купалу», як нацыянальны праект і фінансаванне стужкі ішло з дзяржаўнага бюджэту. Рэжысёр Уладзімір Янкоўскі казаў, што «Купала» — шчыры фільм пра цудоўнага паэта.

Галоўную ролю ў фільме выканаў Мікалай Шэстак — латвійскі актор з беларускімі карнямі. Яму наклалі падобны грым на той, што зрабілі Безрукаву ў кінастужцы “Высоцкий. Спасибо, что живой”. Карацей, усё жужжала і гудзела.

І што, так і не дропнулі?

Дропнуць та дропнулі, але не туды і не так. Першапачатковую прэм’еру стужкі планавалі правесці на фестывалі «Лістапад» у Менску у лістападзе 2020 года. Але прэм’еру фільма, як і сам фестываль адмянілі.

Адзіны паказ стужкі адбыўся на кінафестывалі «Маскоўская прэм’ера», але з-за каранавірусных абмежаванняў «Купалу» паглядзела не больш за 170 чалавек.

У верасні 2020 года ў сеціве з’явіўся чарнавік фільма, у якім не было часткі сцэн і мантаж адрозніваўся ад фінальнай версіі. Амаль праз тры гады, у дзень народзінаў беларускага паэта, у сеціве з’явілася фінальная версія «Купалы», якую можна наўпрост спампаваць сабе на дэвайсы. Ну а самой прэм’еры фільма так і не адбылося.