Марш, абстрактны хіп-хоп і маскоўскі хардкор. 5 небанальных трэкаў на вершы Янкі Купалы
Дзень нараджэння Янкі Купалы прайшоў, але памяць пра беларускага паэта нікуды не знікла. Сабралі для вас 5 небанальных трэкаў на словы беларускага паэта. У падборцы ёсць нават расейцы (да-да).
Антось Звычайны — беларускі рэпер, які робіць меланхалічны абстрактны хіп-хоп. У выканаўцы ёсць альбом “Бел.літ”, дзе на біты пакладзены вершы беларускіх паэтаў. “Не глядзі” — верш, які раскрывае Янку Купалу не як рэвалюцыянера і змагара за беларушчыну, а як рамантычную асобу. Канешне, тэкст напісаны з пазіцыі ахвяры і ў ім шмат маніпуляцый, але мы прапануем адключыць унутранага псіхолага і атрымаць асалоду ад эмоцый паэта.
Моцнае выказванне ад беларускіх рэпераў, напісанае для трыб’юта “Песняроў”. Засэмпліраваная “Малітва” прадстаўляе сабой ліст да Уладзіміра Мулявіна і Янкі Купалы. Ліст пра час, у якім мы жывем, чым мы жывем і пра тое, якія мы самі.
За рытмічную аснова трэку музыкі ўзялі зашыфраванае ў купалаўскім вершы слова “думалі”, што ўтвараецца на стыку словаў у радку «Я буДУ МАЛІцца і сэрцам і думамі». Менавіта ў гэтым быў пабачаны ключ да пэўнай спробы дыягназу пакаленню: вялікая колькасць магчымасцяў і спосабаў існавання і, вядома, у якасьці ключа — малітва за будучыню Беларусі.
Панкаўскі баевік ад Міхалка і кампаніі, выпушчаны ў 2014 годзе. У аснову трэка пакладзены верш Янкі Купалы, напісаны ў 1913 годзе. “Будзь смелым!.. Не вер у людскую брахню, вер толькі ў адвагу і сілу сваю!” — Янка Купала ў сваёй найлепшай форме.
Маскоўскі hatecore гурт, які з’явіўся для таго, каб паказаць, што дабро павінна быць з кулакамі, запісала ў 2014 годе трэк на верш Янкі Купалы “Песня вольнага чалавека”. Песня была запісана разам з мінскімі гуртамі Deadfall і Fuck it all, а таксама спартсменам Віталём Гурковым у падтрымку фанатаў футбольнага клуба “Партызан”.
Інтэрпрэтацыя культавага вершу ад гарадзенкіх фольк-панкаў, пакладзеная на музыку Сяргея Картэса. Атрымаўся моцны марш з дудой і акардэонам пра нашае адвечнае нялёгкае.