Знайшлі запіс, на якім Рыгор Барадулін чытае верш пра родны дом. Паслухаем?
Ведалі, што Барадулін — апошні, каму надалі званне народнага паэта ў Беларусі? А што яго вылучалі ў 2006 годзе на Нобелеўскую прэмію? Яшчэ ў паэта вельмі кранальныя вершы, асабліва ў аўтарскім іх прачытанні. Знайшлі адно з такіх.
Мне, канешне, сорамна, але нагадайце, хто такі Барадулін?
Рыгор Барадулін — беларускі паэт і адзін з самых яркіх пісьменнікаў Беларусі. Нарадзіўся на Віцебшчыне 24 лютага 1935 года і ўсё сваё жыццё захапляўся роднай Ушаччынай.
Творчасць і жыццё паэта — сумесь трапнага гумару, вострага пачуцця любові да роднага краю і, канешне, пратэсту. Глядзіце самі: у школе паэт збег падчас запісу ў піянеры, так і не стаўшы ўладальнікам чырвонага гальштуку.
Барадулін моцна сябраваў з Уладзімерам Караткевічам, якога неаднаразова прыгадвае ў сваіх дзённіках. Караткевіч, у сваю чаргу, прысвяціў яму сваю аповесць “Ладдзя Роспачы”, напісаную ў 1964 годзе.
Барадуліна настолькі ўсе кахалі і шанавалі, што нават расейская кампанія “Яндэкс” на 85-годдзе паэта ў 2020 годзе змяніла свой лагатып, паставіўшы літару “Я” на апошняе месца. Пад лога кампанія размясціла радкі з верша паэта: «Той, хто якае зашмат, ставіць сам сябе назад».
У 1992 годзе Рыгору Барадуліну прысвоілі званне народнага паэта. У 2006 годзе зборнік вершаў паэта “Ксты” стала падставай для намінацыі на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Памёр Барадулін 2 сакавіка 2014 года
Зразумела. І што вы за верш знайшлі?
Гэта верш “Дома”. Увогуле ў паэта вельмі шмат вершаў, прысвечаных радзіме і роднай зямлі. Барадулін вельмі тонка адчуваў сваю зямлю і занатоўваў думкі і пачуцці ў сваіх творах. Вось першыя радкі гэтага верша:
Якая радасць у мяне,
Калі дадому завітаю!
Тут ні адзін не абміне,
Пагутарыць i распытае.
Паслухаць верш у аўтарскай агучцы можна тут. А яшчэ мы стварылі тэлеграм-канал “Барадулін на кожны дзень”, дзе публікуем самыя сакавітыя запісы з дзённікаў паэта.