Чаму перастала існаваць Рэч Паспалітая? Шок, роспач і нейкая рэштка надзеі

Падзел Рэчы Паспалітай — адна з самых трагічных старонак гісторыі, пасля якога дзяржава беларускага і польскага народаў перастала існаваць. Расказваем, хто падзяліў дзяржаву і чаму на гэты раз права голасу аказалася дрэннай ідэяй.

Чаму ўвогуле падзялілі? І хто такі нехарошы?

Прычын, якія сталі перадумовай падзелаў было шмат. Па-першае, дзейнючае на сеймах права liberum veto — хапала аднаго голасу дэпутата сейму, каб рашэнне не прымалася. Такое правіла тармазіла працэс рэформ і эвалюцыі дзяржавы.

Па-другое, гэта ўнутраная барацьба шляхты за сферы ўплыву: у 1764 годзе каралём Рэчы Паспалітай становіцца Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які быў прыхільнікам рэформаў і моцнай улады. Суседнім краінам Расеі і Прусіі гэта не спадабалася. Ну і пачалося.

У 1768 годзе шляхта, магнаты і царкоўныя дзеячы Рэчы Паспалітай, якія выступалі за незалежнасць краіны, аб’ядналіся ў Барскую канфедэрацыю. Удзельнікі канфедэрацыі былі супраць уплыву Расеі на Рэч Паспалітую. Суседняя краіна доўга не думала і ўвяла на тэрыторыю Вялікага кнсяства Літоўскага свае войскі.

У 1768 годзе яны занялі Нясвіж і Слуцк. Змаганне супраць расейскіх войскаў і прыхільнікаў Панятоўскага ахапіла добрую частку краіны. На баку канфедэратаў выступаў Міхаіл Агінскі, які разграміў расейцаў пад Бездзежам. Але пасля яго трохтысячнае войска атрымала паразу ад Суворава пад мястэчкам Сталовічы.


У 1772 годзе адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай. У ім удзельнічалі тры краіны: Расея, Прусія і Аўстра-Венгрыя. Аўстрыя і Прусія анэксіравалі частку земляў Польшчы, Расея — Усходнюю Беларусь і інфлянты (тэрыторыя сучасных Латвіі і Эстоніі).

І што не было спроб аднавіць дзяржаву?

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у краіне абмежавалі права liberum veto. Пачаліся рэформы, вяршыняй якой стаў Вялікі Сойм 1788-1792 гадоў. Сойм павялічыў войска краіны да ста тысячаў і забараніў усялякія канфедэрацыі. Фіналачкай усяго гэтага стала прыняцце канстытуцыі 3 мая 1791 года — першай у Еўропе.

Але Расея таксама не сядзела на месцы: стварыла Таргавіцкую канфедэрацыю па ініцыятыве Кацярыны II. У яе ўвайшла шляхта, якая хацела вярнуць палітычную сістэму і правы, ліквідаваныя новай канстытуцыяй. Фактына, канфедэрацыя стала падставай для апраўдання другога падзелу Рэчы Паспалітай ў 1793 годзе.

Да Расеі адыйшлі землі па лініі Дзвінск-Пінск, Збруч, усходняя частка Палесся і ўкраінскія вобласці Падолле і Валынь. Прусія атрымала землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія.

І няўжо гэта ўсё? Не было больш змагання?

Змаганне сталася пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе. Але паўстанцаў разбілі расейскія войскі Суворава — Расея, Прусія і Аўстрыя дадзяліла апошняе. За тры падзелы Расея атрымала найбольшую частку тэрыторыі Рэчы Паспалітай, каля 60% ад усёй краіны.

У 1795 годзе Рэч Паспалітая перастала існаваць. А праз тры гады ў Пецярбургу памёр і апошні кароль краіны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.