У 2001 годзе беларусы знялі навагоднюю камедыю на беларускай мове. Што за яна?

Уявіце сабе: навагодняя камедыя на беларускай мове, саўндтрэк да якой напісалі Зміцер Вайцюшкевіч і Піт Паўлаў. Нешта на фантастычным, праўда? А вось і не: у 2001 годзе выйшла “Свежына з салютам” — ачмурэнны навагодні хіт ад “Беларусьфільма”.

Ого! А можно падрабязней?

Канешне. “Свежына з салютам” — культавая калядная стужка ад “Беларусьфільма”. Толькі ўявіце сабе: кіно на беларускай мове, саундтрэк ад гурта KRIWI (сярод удзельнікаў якога Піт Паўлаў і Зміцер Вайцюшкевіч) і ўсё гэта з заслужанымі і народнымі артыстамі ў галоўных ролях.

Фільм здымалі пры падтрымцы Міністэрства культуры, а здымкі праходзілі ў вёсках Мінскага раёна, а таксама ў Радашковічах і Заслаўі.

А пра што сюжэт?

Сюжэт стужкі разгортваецца пад Каляды ў адной з беларускіх вёсак. Да Сцяпана, аднаго з жыхароў вёскі, прыязджае сын Анатоль, каб пабрацца шлюбам з Любай. І вось тут пачынаюцца атмасферныя вяскова-калядныя клопаты.

Паверце, “Адзін дома” будзе проста адпачываць і нервова лушчыць мандарынкі на пару з Макалеем Калкіным. Там такія прыгоды, такі антураж і такая сакавітая беларуская мова, што задавальненне атрымаеце стоадсоткавае.