Дзеўчыны з Польшчы выпусцілі трэк на беларускай мове. Паслухайце, як гучыць рэп ад жыхароў Падляшша
Што, сапраўды на беларускай?
Праект Sw@da x Niczos выпусцілі кліп на трэк “Chadžu ja”. Гэта не першая праца дзеўчын, зробленая на беларускай мове. Дакладней, на яе падляскім варыянце. Напрыклад, песні “na Biesiedi” і “TRAVA MURAVA” запазычаны з падляскіх народных традыцый.
Словы ў апошняй працы дзеўчын выглядаюць так:
Pies’ni maje pies’ni dzie vas ja padzienu
Sabiru v fartušok u pali razsieju
Jak mnie budzie dobra to ja pazbiraju
Jak mnie budzie kiepska to pozabyvaju
Чаму жыхары Польшчы спяваюць на беларускай мове?
Таму што Падляшша хоць і з’яўляецца ўсходнім рэгіёнам Польшчы, але там жыве шмат этнічных беларусаў. Рэгіён славіцца сваёй драўлянай архітэктурай: цэрквы, хаты і пабудовы грамадскага карыстання. А яшчэ ў Падляшша ёсць свая мова.
Адным са стваральнікаў літаратурнай нормы падляскіх гаворак з’яўляецца журналіст Ян Максімюк. У сеціве ёсць цэлы сайт, прысвечаны падляскай гаворцы. Напрыклад, па гэтай спасылцы вы можаце прачытаць артыкул Максімюка пра адрозненне падляскай лексікі ад украінскай.
Калі вы ўважліва пачытаеце тэкст пад апісаннем кліпа польскіх музыкаў, то заўважыце, што напісанне некаторых словаў крыху адрозніваецца ад традыцыйнай беларускай мовы.
Згодна з перапісам насельніцтва Польшчы 2002 года ў Падляшкім ваяводстве Польшчы (Паўднёвае Падляшша) пражывала 46 400 чалавек, якія самавызначаюцца як беларусы. 37 тысяч з іх адносяцца да групы «падляшаў», чыя мова з’яўляецца адным з дыялектаў беларускай мовы. Самі падляшы ідэнтыфікуюць сваю мову як беларускую (каля 30 000 чалавек), аднак у рэчаіснасці яна адрозніваецца ад беларускай.